шедевр
Baradzed16 февраля, 14:25
Кіно моцнае, па рэалістычнасці і праблематыцы, магчыма, не саступае «Иди и смотри». А гэты адваротны парадак навелаў падкрэслівае ўвесь абсурд і бязладдзе вайны.
Кіно агульначалавечае, бо ў яго цэнтры чалавек, ягоныя жаданні, надзеі, мары, ягоны боль, а адначасова і глыбока нацыянальнае, бо гэтыя людзі — беларусы, і ў іх пазнаеш сябе, сваю сям’ю, свой народ, гісторыю сваёй акупаванай Айчыны.
Кіно атрымалася добрым і рэалістычным, на маю думку, перадусім таму, што яно зусім не ідэалагізаванае. І калі ўчора пасля прагляду ў «Піянеры» ў рэжысёра настойліва дапытваліся, якую ж ён мэту перад сабою ставіў (магчыма, хтосьці лічыў, як і нейкія там ветэраны, напэўна, «ліпавыя», у сваіх гнеўных лістах, што мэта — адзіна «вбить клин между братскими народами, исказив героическу правду о Великой Отечественной» — карацей, зацяганыя лубянкаўскія штампы), асабіста для мяне тая мэта была відавочнаю: проста зрабіць добрае кіно, якое Андрэй Кудзіненка, безумоўна, любіць і ўмее рабіць. Дарэчы, усё паказанае — зусім не нейкія адкрыцці, пра гэта вам распавядзе кожны, хто жыў пад акупацыяй, асабліва ў Заходняй Беларусі, і я, як і шаноўны Андрэй, усё гэта ведаю з аповедаў маёй бабулі. Гэта — жахлівая праўда пра вайну, а зусім не «штампы», Mr. Weiss. Да таго ж не толькі пра вайну, але і пра нас, сённяшніх беларусаў. Так, сёння мы маем свю дзяржаву, але акупацыя працягваецца, яна перадусім у галовах і ў душах людзей, чые продкі жылі на гэтай збалелай, спакутаванай ды палітаю крывёю зямлі.
А цяпер пра тое, што мне падалося невялікім недахопам. Ніякага ўражання асабіста ў мяне не пакінуў саўндрэк. Гэтая недарэчная «Шырака страна мая радная...» двойчы, нейкая сіпатая песенька з грамафона, што вельмі чакана «заядае» на матылі... Не ведаю, магчыма, я занадта стандартна думаю, але мне здаецца, што стужка моцна б выйграла ў драматычнасці, каб рэжысёр прымусіў кагось з герояў, скажам, станьчыць. Ну, напрыклад, маглі б станьчыць нешта п’яное ды разухабістае Штыркін з Мішам, калі Адам выйшаў у сенцы, або нямая маці магла б пакалыхаць уратаванага немца, або проста пачаць калыхаць нябачнае дзіця сярод полымя ў апусцелым доме: спачатку пад «бу-бу-бу», якое пасля б напаўнялася нарастаючай да гвалтоўнасці музыкай, як у Феліні з румбаю Сарагіны, або як таньчыць Глаша ў лесе ў «Иди и смотри». Моцная музычная тэма знітавала б яшчэ мацней паасобныя містэрыі... IMHO
Тым не менш, ацэньваю кіно як шэдэўр, бо ў параўнанні з усялякімі там «Анастасіямі Слуцкімі» і іншым ідэалагізаваным смеццем гэта сапраўды так, хоць, можа, у кантэксце сусветнага кіно гэтае слова гучыць крыху занадта пафасна, а таму я рэдка стаўлю «10». І вялікі дзякуй за сапраўднае кіно!
Отзыв был изменен 4 раза, последний — 18 февраля 2010, 18:43
мы теперь и в твиттере
